КАРЭКТАР СНЕГ

У рыхла-белай гурбістай газеце,
што разгарнулася абрусамі па бруку,
у час, калі ўсе птушкі на дыеце,
карэктар Снег шукаў памылкі друку.

Працуе дзень і ноч амаль няспынна
друкарскі незмаўкальны наш станок,
што пакідае кожную хвіліну
адбіткі шын,
лыж,
лап
і ног.

Вось так зіма нас робіць друкарамі:
ці то язда,
ці то хада,
ці бег.

Ды нашы ўсе радкі перабірае
і беліць начыста
карэктар Снег.

Ён пад станка прыглушаны стук-грукат,
трымаючы пушысты белы пэндзаль,
замазаў дужа шмат памылак друку...

Дык, можа, не карэктар ён,
а цэнзар?

1996

 

 

© Виктар Жибул
© Издателство LiterNet, 08. 10. 2003
=============================
Публикация в "Антология на беларуската поезия", С., изд. "Панорама", 2000.