* * *

Патонуць хутка ўсе шляхі
У незваротнасці туману.
Рамонкаў астраўкі завянуць
Ля схаладзелае ракі.

І лета стомлена ўпадзе
У траў глыбокіх шматгалоссе.
А потым пахавае восень
Дождж залаты ў сівой вадзе.

Яшчэ не заўтра, не цяпер...
Яшчэ на сэрцы так спакойна,
Пакуль не заіграла сольна
Сасна зялёны свой канцэрт.

Пакуль у леце я сама.
...Свавольна ў асалоду жніўня
Уплёўся восеньскай ажыны
Гаркавы, ўжо забыты смак.

 

 

© Галина Булика
© Издателство LiterNet, 02. 11. 2003
=============================
Публикация в "Антология на беларуската поезия", С., изд. "Панорама", 2000.