* * *

Знікне белы перон і ў вачах халадок,
Знікне скоры цягнік, незнаёмы і строгі.
І далёка самотны праграе гудок -
Абяцанне трывогі,
Абяцанне трывогі.

Ну, а потым пісьмо затрымціць у руках,
Згасне вечар у дыме запаленых свечак,
І на момант заззяе ў таропкіх радках
Абяцанне сустрэчы,
Абяцанне сустрэчы.

Міжгародні званок цішыню узарве -
У асмужаным горадзе сонечна стане,
І сагрэе душу, і ў вачах ажыве
Абяцанне кахання,
Абяцанне кахання.

Хай не збудзецца так, як хацелася мне,
Хай на сцежках расстаннем бяда ледзянее,
Як нязгасны агонь у адзіным акне,
Абяцанне надзеі,
Абяцанне надзеі.

 

 

© Галина Булика
© Издателство LiterNet, 02. 11. 2003
=============================
Публикация в "Антология на беларуската поезия", С., изд. "Панорама", 2000.